Часовая экспазіцыя з фондаў музеяў
25 верасня 2025 года ў 17.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачынае сваю працу часовая экспазіцыя з фондаў музея народнай архітэктуры і побыту і музея Якуба Коласа “Забытыя асілкі зямлі беларускай”, прысвечаная беларускім млынам.
Яшчэ сто год таму вясковы пейзаж было цяжка ўявіць без ветракоў: стаялі яны на ўзгорках, дзе добра дзьмуў вецер, у адзіночку, ці па некалькі, былі добра бачны здалёк, служылі своеасаблівымі арыенцірамі падарожніку, збіралі вакол сябе жыхароў суседніх вёсак. Гісторыя асобных млыноў сведчыць аб тым, што на пачатку ХХ ст. іх гаспадарамі былі простыя сяляне, жыццё і матэрыяльны дабрабыт якіх залежыў ад работы ветрака.
У 1930-я гг. калектывізацыя пазбавіла ветракі ўласных гаспадароў, млыны перайшлі ў калгаснае карыстанне, многія былі пазбаўлены крылаў і пераабсталяваны пад электрацягу, і, хоць у 1950-1960-я гг. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі яшчэ многія ветракі, з развіццём прамысловай вытворчасці мукі іх выкарыстанне скарачаецца. Будынкі ветракоў паступова прыходзяць у заняпад.
Працоўнай групай Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту у 1970-1980-я гг. быў зроблены шэраг экспедыцый па Беларусі, што ставілі на мэце пошук аб’ектаў для перавозу на тэрыторыю музея. Супрацоўнікамі фіксаваліся помнікі народнай архітэктуры, на жаль, большасць з іх ужо не існуе, аднак тры аб’екта атрымалі “другое жыццё” ў музеі. Фонды музея захоўваюць калекцыю негатываў з этнаграфічных экспедыцый тых часоў і сёння ў нас ёсць магчымасць азнаёміцца з унікальным фотаматэрыялам, які дэманструе тэхнічны стан і захаванасць ветракоў на момант іх фіксацыі, а таксама дае ўяўленне аб велізарным аб’ёме работы, што была зроблена папярэднікамі для захавання помнікаў драўлянага дойлідства.
Сардэчна запрашаем!
Кантактны тэлефон: (017) 353 17 03
Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by

8 ліпеня 2023 года з 18.00 да 21.00
23 мая ў Музеі народнай архітэктуры і побыту панавала асаблівая атмасфера - тут адзначалі свята...
прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі
9 мая 2025 года з 13.00 да 14.00 Ваенныя ліхалецці мінулага прыносілі цяжкія выпрабаванні...