Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту віншуе ўсіх з Новым годам і Калядамі!
Няхай кожны дзень надыходзячага года будзе яркім і незабыўным, а цуды ў Вашым жыцці здараюцца часцей, чым Вы пра іх паспееце памарыць! Калі здараюцца якія-небудзь падзеі, то хай яны будуць прыемнымі, значнымі і прыгожымі, а жыццё - шчаслівым!
Адыходзячы год быў багаты на яркія і цікавыя падзеі для нашага музея, таму мы вырашылі падзяліцца імі!
3 і 4 снежня Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту прыняў удзел у V Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі".
Супрацоўнікі музея падрыхтавалі шэраг актыўнасцей на экспазіцыйнай пляцоўцы, якую наведаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Мечыслававіч Маркевіч.
У рамках дзелавой праграмы форума, супрацоўнікі музея прынялі ўдзел у працы круглага стала «Развіццё культурна-пазнавальнага турызму. Праблемы і перспектывы» і дыскусійнай пляцоўкі «Культура і побыт беларусаў».
Свята ў гонар летняга сонцавароту – адзін з галоўных рытуалаў нашых продкаў. Гэта незвычайны час, калі сонейка на небе «грае і пераліваецца» асабліва яскрава.
Перад купальскай ноччу дзяўчаты ішлі на лугі збіраць зёлкі і абмяркоўваць, як будуць плесці вянкі альбо варажыць. Лічылася, што травы, сабраныя ў купальскі час, маюць лекавую і цудадзейную моц.
Хлопцы таксама не сядзелі, склаўшы рукі. Трэба было падрыхтаваць сухое ламачча на вогнішча, а потым пераапрануцца ў чорта ці вадзяніка, каб напалохаць дзяўчат.
Праз купальскае вогнішча скакалі ўсе – і моладзь, і людзі сталага веку. Верылі, што купальскае вогнішча знішчае ўсё благое, што перашкаджае чалавеку ў жыцці.
Пры падтрымцы ААТ "ААБ Беларусбанк", у ноч з 13 на 14 жніўня па тэрыторыі беларускага скансену (музея народнай архітэктуры і побыту) прайшоў забег з шматлікімі перашкодамі.
Маршрут быў пракладзены сярод самых прыгожых помнікаў драўлянага дойлідства — старажытных сядзібаў, школ, цэркваў і каплічак, млыноў, а яшчэ крыху па навакольных лугах і гаях, па абрывістых берагах вадасховішча Пціч.
Традыцыйны інтэр'ер беларускай хаты немагчыма ўявіць без тканага дывана. За час свайго існавання яны прайшлі шлях ад простага ўтылітарнага прадмета да высокамастацкага дэкаратыўнага выраба. Таксама «дываны» выкарыстоўваліся ў абрадавых дзеяннях. Гэтая рэч суправаджала чалавека на працягу ўсяго яго жыцця, ад вяселля да пахавання.
На выставе былі прадстаўлены 40 дываноў з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія адлюстроўваюць рэгіянальныя асаблівасці і дэманструюць усе асноўныя тэхналогіі ткацтва краіны.
Адкрыццё выставы адбылося 17 верасня і было прымеркавана да Года гістарычнай памяці і Дня народнага адзінства.
Масленіца - старажытнае славянскае свята, якое сімвалізуе канчатак зімы. У гэты дзень наведвальнікі нашага музея змаглі паўдзельнічаць у масленічных забавах, пабываць на рэканструкцыі народных абрадаў, палюбавацца спаленнем "Марэны" і паўдзельнічаць у масленічным шэсці. Асаблівасцю такога шэсця ў нас стала з’явіўшаяся ўпершыню “Тройка запрэжаных”, якая ўзначальвае калону. А некаторым наведвальнікам нават удалося іх пакарміць.
На працягу ўсяго года музей абнаўляў старыя і прыдумляў новыя акцыі і міні-мерапрыемствы выхаднога дня для наведвальнікаў. Пры аплаце ўваходнага квітка кожны жадаючы мог паўдзельнічаць у іх. Пералік настолькі разнастайны, што мы вырашылі згадаць толькі адзіную акцыю - найбольш яркую і папулярную.
Акцыя "Слуцкія наваколлі" дазволіла наведвальніку прагуляцца па вёсках Случчыны. Вёскі рэгіёна здаўна адрозніваліся ўрадлівымі землямі і працавітымі жыхарамі. Менавіта ў наваколлях Слуцка на працягу некалькіх стагоддзяў кампактна пражывалі "выбранцы" - сяляне, якія служылі ў войску і былі вызвалены ад часткі падаткаў і павіннасцяў.
Надыходзячы год абяцае быць не менш цікавым і займальным на такога кшталту падзеі!
Камплектаванне фондаў нашага музея ажыццяўляецца пераважна шляхам навуковых камандзіровак і экспедыцый. За апошнія гады такім чынам удалося значна папоўніць калекцыю хромалітаграфічных (друкаваных адмысловым спосабам) абразоў. Прапануем азнаёміцца з дзвюма найбольш цікавымі хромалітаграфіямі з тых, што паступілі ў фонды ў 2022 г.
Каталіцкая хромалітаграфія (КП 017024) "NAHRUNG CHRISTI" надрукавана ў канцы XIX стагоддзя ў друкарні Эдварда Густава Мэя ў г. Франкфурт. Прадмет знойдзены супрацоўнікамі музея падчас апошняй этнаграфічнай экспедыцыі ў Астравецкі раён.
Праваслаўны абраз (КП 017022) "ИСТИННОЕ ИЗОБРАЖЕНІЕ И МЪРА ЧУДОТВОРНАГО ОБРАЗА УСПЕНІЯ ПРЕСВЯТЫЯ БОГОРОДИЦЫ ВЪ ВЕЛИКОЙ ЦЕРКВИ КІЕВО-ПЕЧЕРСКОЙ ЛАВРЫ" надрукаваны ў Кіева-Пячорскай Лаўры ў 1903 г. Прадмет быў знойдзены ў в. Шуры Кобрынскага раёна.
Рэчы, якія трапляюць да нас у музей часцей за ўсё захоўваліся далёка не ў самых лепшых умовах: у закінутых хатах і гаспадарчых пабудовах, на гарышчах ці проста на вуліцы, таму час быў да іх бязлітасны. Аднак нашы рэстаўратары заўсёды імкнуцца выратаваць нават самыя, здавалася б, безнадзейныя прадметы. Адзін з такіх прыкладаў – выкананая ў 2022 г. рэстаўрацыйная работа абраза "Архiстратыга Мiхаiла" (НД 8809), надрукаванага друкарняй Д. Плюшчэева ў 1896 г. у Адэсе. Абраз знаходзіўся ў фрагментарным стане, частка выявы была страчана. Папера была дэструктыўная, моцна забруджаная, крохкая, мела шматлікія разрывы, жорсткія заломы, драпіны. З адваротнага боку візуальна назіраліся рэшткі клея. Мастаком-рэстаўратарам была праведзена імпрэгнацыя паперы. Фрагменты былі сабраныя ў адзіную кампазіцыю, склеены, выдалены забруджанні, страчаныя фрагменты ўзноўлены ў месцах страт фарбавага слоя, выканана таніроўка і нанесена ахоўнае пакрыццё. Абраз быў зманціраваны ў адпаведную раму. Пасля праведзенай работы прадмет быў прыняты ў фонды музея.
Інтэрнэт-прэмія міжнароднай спецыялізаванай выставы "ТІБО" арганізуецца штогод з 2003 года. Узнагароды прысуджаюцца сеткавым рэсурсам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускага сегмента Сусветнага павуціння. З пачатку правядзення конкурсу ў ім прынялі ўдзел каля 9 тысяч беларускіх інтэрнет-рэсурсаў. У гэтым годзе конкурс праводзіўся па 11 асноўных намінацыях. Была пададзена 141 заяўка.
Сайт Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту (распрацоўшчык — аддзел маркетынгу Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту) заняў 2-ое месца ў намінацыі “Культура і мастацтва”.
Каталог выставы «Ганчарны посуд са збору БДМНАіП», якая адчынілася 7 мая на тэрыторыі музея ў помніку архітэктуры «Спаса-Праабражэнская царква з в. Барань Аршанскага раёна» (экспазіцыйны сектар «Падняпроўе») і функцыянуе і сёння. Акрамя глінянага посуду, апублікаванага ў каталозе, на часовай экспазіцыі таксама можна пабачыць розныя прылады працы ганчароў.
18 чэрвеня адбылася спартакіяда Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў...
23.12.2017г. Мастацкая рэканструкцыя свята на падставе этнаграфічных звестак.
2-5 студзеня 2021 года запрашаем адчуць атмасферу старажытных беларускіх каляд!
Музей запрашае да сябе маладых і прапануе адсвяткаваць нараджэнне новай сям'і.