Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Цэнтральная Беларусь займае асноўную частку Мінскай і заходнюю частку Магілёўскай вобласці.
Найбольш характэрнай для Цэнтральнай Беларусі з’яўляецца вулічная (лінейная) забудова паселішчаў: аднарадная альбо двухрадная. У сёлах рэгіёна – адміністрацыйна-тэрытарыяльных цэнтрах – фарміраваўся развіты грамадска-культурны цэнтр з пабудовамі: валасной управай, царквой, царкоўна-прыходскай школай або народным вучылішчам, запасным магазінам, карчмой.
Экспазіцыйны сектар музея “Цэнтральная Беларусь” прадстаўлены сялом з характэрнай для гэтага тыпу паселішча планіроўкай: плошча з пабудовамі грамадска-культурнага цэнтра і вуліца з двухбаковай забудовай сядзіб.