+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Cаламяныя царскія вароты
Галоўная Падзеі Cаламяныя царскія вароты
Cаламяныя царскія вароты
602

Паважаныя наведвальнікі. У прасторы царквы з в. Барань Аршанскага раёна (э/с “Падняпроўе”) вы можаце азнаёміцца з унікальным творам мастацкага саломапляцення – саламянымі царскімі варотамі.

З’яўленне такога феномена, як царскія вароты з саломы, тлумачыцца гістарычнымі абставінамі, у якіх апынуліся вясковыя і местачковыя прыхадскія цэрквы ў першай палове ХІХ ст. Пасля скасавання ў 1839 г. Берасцейскай царкоўнай уніі і пераводу ўніяцкіх прыходаў да Рускай праваслаўнай царквы, пачалася інтэнсіўная пераробка царкоўных інтэр’ераў з мэтай наблізіць іх да кананічнага праваслаўнага ўзору. За два стагоддзі ўніяцкая царква выпрацавала непаўторны вобраз інтэр’ера храма, які ўяўляў сабой гарманічны сінтэз усходняй, заходняй канфесійных традыцый, элементаў народнай культуры. У многіх былых уніяцкіх цэрквах адсутнічалі іканастасы, альбо ўяўлялі сабой невысокую перагародку, якая не закрывала прастору алтара для агляду. Важнейшай задачай для царкоўных іерархаў стала вяртанне іканастаса ў інтэр’еры храмаў. Кожны новаўтвораны праваслаўны прыход павінен быў абзавесціся іканастасам у кароткі тэрмін, што ў дадатак да кепскага матэрыяльнага забеспячэння часта абарочвалася невысокімі мастацкімі якасцямі вырабаў. Былі выпадкі, калі царскія вароты выраблялі проста з дошак без  якога-небудзь  аздаблення. У гэтых умовах з’яўленне саламяных царскіх варотаў бачыцца натуральным імкненнем сялян упрыгожыць, “засвоіць” новы для сябе архітэктурны элемент, пазбавіць яго “казённага” выгляду. Царскія вароты з саломы ўражвалі прастатой і прыгажосцю, а натуральны залацісты колер саломы падкрэсліваў урачыстасць сакральнага месца.

У экспазіцыі прадстаўлена копія саламяных царскіх варотаў з вёскі Лемяшэвічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэта твор народнага мастака Беларусі Ларысы Мікалаеўны Лось, зроблены ёй з арыгінала ў 1988-1989 гг. Арыгінальныя вароты захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. У варотах выкарыстаны дзве мастацкія тэхнікі пляцення з жытняй саломы: “круглы шнур” і “плоскаплеценыя квадраты”.   Дзякуючы таленту і крапатлівай працы Ларысы Мікалаеўны музеі Беларусі сёння маюць магчымасць знаёміць наведвальнікаў з унікальным феноменам беларускага народнага мастацтва ў сваёй першаснай прыгажосці.  

Чытайце таксама
Вынікі канферэнцыі «Памяць продкаў праз музейны свет»
1364
Вынікі канферэнцыі «Памяць продкаў праз музейны свет»

7 снежня 2021 г. адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя.

Прэс-рэліз свята  «Купалле ў Азярцы»
838
Прэс-рэліз свята «Купалле ў Азярцы»

Купалле – старажытнае летняе свята ў гонар сонца, найвышэйшага росквіту зямлі і прыроды.

"Беларусь - энергаэфектыўная краіна"
304
"Беларусь - энергаэфектыўная краіна"

С 10 по 20 ноября 2025 года Департамент по энергоэффективности проводит республиканскую...

«Пікнік – выпускны для пачатковых класаў»
2777
«Пікнік – выпускны для пачатковых класаў»

26.05.2018г. Запрашаем вучняў 4-х класаў, настаўнікаў і бацькоў!