Далей, за сялом, бачны крылы ветранога млына, пабудаванага ў 80-я гады ХІХ стагоддзя з вёскі Даматканавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці.
Гэта – вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру. Адносіцца да тыпу млыноў-казловак. Млын паварочваўся да ветру ўсім корпусам пры дапамозе дышаля вакол моцнага слупа, замацаванага ў каменным падмурку, і крыжавіны з "козламі". Вышыня помніка каля 12 м. Млын мае тры ўзроўні. На першым (не бачным для вачэй) – восевы слуп на падмурку, на другім - "скрыня" для мукі. На трэцім ўзроўні знаходзіцца галоўны механізм – гарызантальны вал з прымацаваным да яго зубчатым колам і пастаў (камень) для памолу зерня. На гарызантальным валу звонку замацаваны чатыры махі.