+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
ТОП 10 ПАДЗЕЙ Ў МУЗЕІ Ў 2020 ГОДЗЕ
Галоўная Падзеі ТОП 10 ПАДЗЕЙ Ў МУЗЕІ Ў 2020 ГОДЗЕ
ТОП 10 ПАДЗЕЙ Ў МУЗЕІ Ў 2020 ГОДЗЕ
1003

ТОП 10 ПАДЗЕЙ Ў МУЗЕІ Ў 2020 ГОДЗЕ

Музей народнай архітэктуры і побыту віншуе ўсіх з Новым годам і Калядамі! Жадаем, каб шчасце і поспех сталі для Вас вернымі спадарожнікамі! Хай здароўе будзе моцным, і ўвесь год Вас суправаджаюць толькі радасныя падзеі, пазітыўныя эмоцыі і поспех ва ўсіх пачынаннях! Хай блізкія радуюць, і спраўджваюцца самыя запаветныя мары!

2020 год аказаўся годам непрадказальным і складаным. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці адыходзячага года, мы вырашылі падзяліцца з Вамі прыемнымі падзеямі, якіх, як аказалася, было ў нас няшмат.

1.Анлайн экскурсіі і відэаролікі на канале YouTube

Экскурсіі ў анлайн фармаце ў гэтым годзе апынуліся вельмі актуальнымі. Таму было прынята рашэнне развіваць канал на YouTube і запісваць відэаролікі пра музей, экспанаты, размовы з супрацоўнікамі, іх бачанне гісторыі і этнаграфіі.

На дадзены момант мы запісалі экскурсію па сектары “Падняпроўе”, відэа пра свята “Грамніцы”, “Масленіца”, “Радуніца”, майстар - клас па вырабе птушак, анонс адкрыцця выставы “Беларускія куфры”, відэа пра рэстаўрацыю і выраб музычных інструментаў і іншыя.

Прасцей адзін раз пабачыць  сваімі вачыма.

https://www.youtube.com/channel/UCu40fFVCAP3S6_3Yxuq33kQ/featured?view_as=subscriber

Чакаем Вас на нашым канале!

2.Абрадавыя мерапрыемствы

З кожным годам значнасць абрадавых мерапрыемстваў узрастае ўсё больш і больш. На працягу ўсяго года мы праводзім абрадавыя мерапрыемства, якія адлюстроўваюць асноўныя цыклы земляробчага календара і дзеляцца на зімовыя (“Каляды”, “Масленіца”), вясновыя (“Гуканне вясны”, “Вербніца”, “Юр'я”), летнія (“Купалле”, “Зажынкі”, “Дажынкі”), восеньскія (“Багач”, “Пакроўскі кірмаш”). Найбольш значнымі мерапрыемствамі гэтага года сталі “Масленіца” і “Купалле”, якія выклікалі вялікую цікавасць у наведвальнікаў музея.

3.Адкрыццё выставы “Куфры Беларусі”

Выстава з’яўляецца вынікам працяглай збіральніцкай, рэстаўрацыйнай і экспазіцыйнай работы і прэзентуе значную частку калекцыі традыцыйных куфраў, сабраную за 45 год існавання музея. Музейныя прадметы ў экспазіцыі адлюстроўваюць розныя віды дэкаратыўнага аздаблення, характэрныя для этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Яны ўвасабілі народны густ, цесна звязаны з мясцовымі традыцыямі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Выстава знаходзіцца ў помніку архітэктуры “Вяночны двор з в. Варашылкі Мядзельскага раёна” (сектар “Паазер’е”).

4.Оpen-air фестываль “Купальскае кола – XII”

“Купальскае Кола” — адзін з беларускіх фестываляў, які масава палюбіўся прыхільнікам роднай культуры. Фестываль прысвечаны старадаўняму народнаму святу — Купаллю, прымеркаванаму да дня летняга сонцастаяння.

Гэта адзін з нешматлікіх фестываляў, які быў праведзены ў 2020 годзе.

5.Музейна-педагагічны занятак “Музычныя інструменты”

Музейна-педагагічныя заняткі - важная частка дзейнасці музея. Заняткі прадугледжваюць працу з дзецьмі рознага ўзросту з выкарыстаннем музейных прадметаў (арыгіналы, копіі, мадэлі) і прэзентацыю.

На ім дзеці знаёмяцца з самымі вядомымі беларускімі народнымі музычнымі інструментамі (дуда, скрыпка, цымбалы). Таксама дзеці могуць не толькі пабачыць, але і пачуць іх.

6.Акцыі ў музеі

Для знаёмства з гісторыяй роднага краю, яго традыцыямі, музеем архітэктуры і побыту былі створаны акцыі бясплатнага выхаднога дня: “Цалкам сакрэтна/бясплатна!”, “Цалкам бясплатна - свабодная субота: сялянскія рамёствы”, “Сялянскія промыслы”, “Цалкам бясплатна - вольны нядзеля: адкрываем Беларусь”. У рамках гэтых акцыі можна будзе здзейсніць бясплатную экскурсію (аплачваецца толькі ўваходны квіток у музей) па ветракам музея, выставам “Гоніць гэблік стружку залатую” і “Транспартныя сродкі”, “Пчалярства на Беларусі” і “Шапавальства”, “Забродскія снасці” і “Беларускі лён”.

7.Персанаж года

У гэтым годзе на мерапрыемстве “Купалле” у нас з’явіўся новы персанаж - Лясун, які ідэальна ўпісаўся ў праграму. Дадзенага персанажа сыграў начальнік культурна-адукацыйнага аддзела Вадзім Баранаў.

8.Паступленні ў фондах

Абавязкова вырашылі адзначыць важную падзею для музея ў навукова-фондавым адделе: набыцце рэдкіх прадметаў – дываноў. 

Дыван «кілім» (1880? -1917) вытканы ў закладной тэхніцы, што характэрна для дываноў, якія выраблялі на тэрыторыі Украіны. Кветкавы ўзор кілімаў тыпавы для Цэнтральнай Украіны. Дыван існаваў у вёсцы Капорэнка Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Зараз гэтай вёскі не існуе.

Па словах здатчыцы, дыван належаў прабабулі Ефрасінні Федасеенка і перадаваўся па спадчыне па жаночай лініі. Падчас Другой сусветнай вайны дыван з іншай маёмасцю быў закапаны ў двары, адкапаны пасля вызвалення Беларусі. 

Дыван “Дрэва жыцця” выкананы ў тэхніцы дыванавай вышыўкі полай іголкай.

Вырабіла Ганчар Тафілія Васільеўна, бабуля здатчыка. У 1968-70, якая жыла ў вёсцы Касцевічы Зельвінскага раёна Гродзенскай вобласці. Па ўспамінах здатчыцы, бабуля казала, што цёмныя края - гэта яе нялёгкае жыццё, але яна спадзяецца, што ўсё зменіцца, таму ў цэнтры ўжо выкарыстоўваецца светлы колер. Тафілія Васільеўна вельмі хацела ўнукаў і, як сімвал будучых дзяцей, адлюстравала чатыры жоўтыя кветкі. Так і атрымалася, у яе было чацвёра ўнукаў і двое дзяцей.

9.Рэстаўрацыйны музей

Не хочацца пакінуць па-за ўвагай чараўнікоў нашага музея, якія робяць цуды з музейнымі прадметамі. Гэта рэстаўрацыйны аддзел. 

У гэтым годзе была праведзена вялікая праца над абразом Юліцыі Кармазо “Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса”, Астравецкі раён, а.г. Гервяты, сяр. XX ст.

Таксама варта адзначыць працу над фрагментам палатна з в. Жукі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, першая палова ХХ ст. Палатно з цікава вышываным надпісам на нямецкай мове. "Sich regen bringl Segen" (Праца прыносіць Благаслаўленне).

10.Публіцыстычная дзейнасць

З 2020 года выдаецца часопіс “Беларускі музей” пад эгідай Міністэрства культуры. У дадзеным часопісе апублікаваныя артыкулы нашых супрацоўнікаў: Друпаў А., Мікула Я., “Малявала за што дадуць. Спадчына народнай мастачкі Юліцыі Кармазо ў зборах Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту”, Іваноў І. «Городская площадь Столбцов - запыленная книга на незнакомом языке. К вопросу об актуализации исторического центра города».

Чытайце таксама
Абрадавае мерапрыемства  «Гуканне вясны»
836
Абрадавае мерапрыемства «Гуканне вясны»

26 сакавіка 2022 года запрашаем прыняць удзел у абрадавым мерапрыемстве «Гуканне вясны» на...

Музейнае мерапрыемства  «Ад сініх кветак да кашуль дзетак»
1071
Музейнае мерапрыемства «Ад сініх кветак да кашуль дзетак»

1 мая 2021 года запрашаем прыняць удзел у мерапрыемстве «Ад сініх кветак да кашуль дзетак» на...

«Дзень ведаў: ад мінулага да сучаснасці»
377
«Дзень ведаў: ад мінулага да сучаснасці»

 1 верасня 2023 года пачатак экскурсій у 13:00 і ў 15:00   Беларускі дзяржаўны...