Калекцыя “Тканіны” ў зборы Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту налічвае каля 2500 адзінак асноўнага фонду. Гэта адна з найбольш атрактыўных калекцый якая няспынна папаўняецца. Яна прадстаўлена прадметамі так званай, мяккай этнаграфіі, рэчавымі помнікамі вылучанымі на аснове матэрыялу і тэхнікі выканання – тканіны і ткацтва. А таксама па прызначэнні – як правіла, прадметы мелі побытавае, дэкаратыўнае ці сакральнае прызначэнне. У большасці сваёй калекцыя складаецца з такіх вырабаў як абрусы, посцілкі, ручнікі, ходнікі, прасціны, навалкі, сяннікі, дываны, тканіны царкоўныя, разнастайныя нарыхтоўкі, а таксама непасрэдна ніткі, кудзеля і іншае.
Першы запіс у інвентарнай кнізе калекцыі датуецца 15 снежня 1977 года – Ваўняная посцілка-“дыван” набытая пад час экспедыцыі ў Валожынскі раён.