+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Археалогія
Галоўная Калекцыі Археалогія
Археалогія

Калекцыя “Археалогія” у нашым музеі адносна новая. Яна была ўтворана ў 2005 г., шмат у чым дзякуючы беларускаму археолагу Валянціну Енісеевічу Собалю, які пэўны час працаваў у музеі. У калекцыі сабраныя прадметы, якія адносяцца да розных археалагічных перыядаў: ад мезаліту (сярэдні перыяд каменнага веку, 9 – 5 тысячагоддзі да н.э.) да XVIII ст. Асноўную частку прадметаў каменнага і бронзавага вякоў у калекцыі складаюць каменныя сякеры розных тыпаў і відаў. Перыяды ранняга і позняга Сярэднявечча прадстаўлены побытавымі рэчамі (пераважна ганчарным посудам, іншымі керамічным вырабамі, а таксама вырабамі з металу), дэталямі касцюма, будаўнічымі матэрыяламі. Аснову калекцыі складаюць знаходкі з такіх археалагічных помнікаў як пасяленчы комплекс на рацэ Менка эпохі ранняга Сярэднявечча, пасяленчы комплекс ля в. Гарадзішча Мядзельскага раёна, а таксама артэфакты з археалагічных раскопак у г. Мінску.

На сённяшні дзень калекцыя даволі нешматлікая, але яна актыўна папаўняецца за кошт музейных археалагічных экспедыцый, што праводзяцца штогод з 2019 г. Археалагічныя даследаванні скіраваныя на вывучэнне помнікаў перыяду Сярэднявечча паўночна-заходняй Беларусі.

Ніжэй на старонцы вы можаце азнаёміцца з 3D-мадэлямі найбольш паказальных прадметаў з калекцыі, больш мадэляў можна паглядзець па спасылцы: https://skfb.ly/o6WOG .

Сякера каменная свідраваная

 

Сякера каменная свідраваная / КП 4972 Арх 5 / Камень / Шліфоўка, свідраванне / Неаліт–бронзавы век / в. Ганявічы, Клецкі раён, Мінская вобласць / выпадковая знаходка / даўж. - 8 см, выш. - 4,7 см, дыям. адтуліны - 3 см.

Свідраваныя каменныя сякеры з’яўляюцца на тэрыторыі Беларусі ў перыяд неаліту (новы каменны век, заключны перыяд каменнага веку) і, на большасці тэрыторыі, выходзяць з ужытку ў канцы бронзавага веку. Аднак на Поўначы Беларусі яны выкарыстоўваліся ў тым ліку і археалагічнымі культурамі ранняга жалезнага веку. Падобныя сякеры вырабляліся з камянёў адмысловых пародаў, форма якім прыдавалася на шліфавальнай пліце. Адтуліна свідравалася трубчастай косткай, запоўненай пяском, з дапамогай лучковага станку.

Сякера на мадэлі знойдзеная мясцовым жыхаром на месцы здабычы жвіру. Бліжэйшыя аналогіі яна мае сярод сякер кола культур шнуравой керамікі.

Гаршчок

Гаршчок / КП 14435 Арх 1 / Гліна / Лепка, фармоўка на марудным ганчарным крузе, арнаментацыя, абпал / канец Х – XI стст. / селішча на р. Менка  (в. Гарадзішча Шчомысліцкага сельскага савета Мінскай вобласці) / даследаванні Г.В. Штыхава 1975 г. / выш. – 35,4, дыям. донца – 12 см, дыям. венца – 27,7 см.

Падобнае афармленне венца (т.зв. “карнізік”) і лінейны арнамент характэрныя для ранняй кругавой керамікі старажытнарускіх гарадоў і протагарадскіх цэнтраў. Гаршчок на мадэлі быў знойдзены пры раскопках селішча на р. Менка (даследаванні пад кіраўніцтвам Г.В. Штыхава 1975 г.). На яго донцы маецца фрагмент кляйма, што ўяўляе сабой тры ўпісаныя адно ў адно колы, падзеленыя лініямі крыж-накрыж на чатыры сектары. Падобнае кляймо не сустракаецца ні ў бліжэйшых помніках да селішча на Менцы, ні ў гарадах Полацкай зямлі ў цэлым. Гэта сведчыць аб мясцовай вытворчасці дадзенай пасудзіны. Гаршчок быў знойдзены ў фрагментаваным стане і рэстаўраваны супрацоўнікамі музея.

Наканечнік стралы

Наканечнік стралы / КП 16655 Арх 8 / Жалеза / Коўка / Х – ХІІ стст. / селішча на р. Менка  (в. Гарадзішча Шчомысліцкага сельскага савета Мінскай вобласці) / выпадковая знаходка / даўж. – 93 мм, макс. шыр. пяра – 24 мм, дыям. утулкі – 11 мм.

На сённяшні дзень пытанні аб часе і шляхах пранікнення падобных наканечнікаў на нашыя тэрыторыі застаюцца не вырашанымі. У цэлым ва ўсходнееўрапейскай археалогіі прынята, што двушыпныя ўтулкавыя наканечнікі стрэл датуюцца шырока, у межах VIII – сярэдзіны XIII ст. Аднак вядома, што яны з’яўляюцца яшчэ ў чарняхоўскай археалагічнай культуры (сярэдзіна ІІІ – пачатак V стст.), значную долю носьбітаў якой складалі плямёны готаў.

Нананечнік на мадэлі знойдзены мясцовым жыхаром на разараным полі на месцы селішча. Ён не мае археалагічнага кантэксту і таму датаваны на падставе аналогій з помнікаў рэгіёна і прынятага датавання селішча на р. Менцы.

Скарбонка

Скарбонка / КП 15971 Арх 6 / Гліна / Тачэнне, арнаментацыя, паліванне, абпал / XVI – XVIII ст. / г. Мінск, вул. Гандлёвая (Зыбіцкая) / Даследаванні В.Е. Собаля 2003 г. / выш. – 7 см, дыям. – 5 см.

Скарбонкі для манет –  нярэдкая знаходка ў слаях XVI–XVIII стст. на пасяленчых помніках, у асаблівасці ў гарадах і мястэчках. Яны маглі мець як купалападобную форму, накшталт скарбонкі на мадэлі, так і іншыя формы, напрыклад, жывёл або птушак. Гэтая скарбонка была знойдзена ў фрагментарным стане, яе верхняя частка амаль цалкам адноўленая рэстаўратарамі музея. Аднак на арыгінальнай частцы захаваўся арнамент, зроблены ў выглядзе гарызантальных і хвалістых ліній.

 Цэгла-пальчатка 

Цэгла-пальчатка / НД 7488 Арх / Гліна / Фармоўка / 1620-я гг. / Замак “Белы Ковель” у Смалянах, Аршанскі раён, Віцебская вобласць / выпадковая знаходка / даўж. – 14 см, шыр. – 13 см, выш. – 7 см.

Цэгла з барознамі ад пальцаў (т.зв. пальчатка) пачынае выкарыстоўвацца ў мураваным дойлідстве на нашых тэрыторыях з XIII ст., і на перыяд XVI – XVIII ст. з’яўляецца ўжо найбольш распаўсюджаным відам. Фрагмент цэглы на мадэлі паходзіць з палацава-замкавага комплексу у в. Смаляны з паэтычнай назвай “Белы Ковель”, што быў пабудаваны ў 1620-я гг. па ініцыятыве князя Сямёна Сангушкі-Ковельскага.

Міса

Міса / НД 7802 Арх / Гліна / Тачэнне, лепка, арнаментацыя, паліванне, абпал / XVII ст. / г. Мінск, вул. Гандлёвая (Зыбіцкая) / Даследаванні В.Е. Собаля 2003 г. / выш. – 6,3 см, дыям. венца – 23 см, дыям. донца – 13,8 см.

У познім Сярэднявеччы павялічваецца асартымент і разнастайнасць афармлення посуду, у XVI ст. ва ўжытак ўваходзіць нажное ганчарнае кола, а XVII ст. можна назваць пікам развіцця ганчарства на нашых тэрыторыях. Да гэтага перыяду адносіцца знаходка фрагмента паліванай місы з рэльефным арнаментам, прадстаўленая на мадэлі. Поўная форма місы была адноўленая на падставе фрагмента супрацоўнікамі музея.

Гаршчок

Гаршчок / КП 14573 Арх 3 / Гліна / Тачэнне, ангоб, паліванне, абпал / сярэдзіна XVIII ст. / Украіна, г. Кіеў, Верхні горад / выш. – 15 см, дыям. венца – 17 см, дыям. донца – 10 см.

Гаршчок з ручкай зроблены са светлай гліны і спалучае некалькі тэхнік апрацоўкі паверхні: ангоб – роспіс чырвонай глінай па неабпаленай пасудзіне і паліванне. Гаршкі з ручкамі былі шырока распаўсюджаныя на тэрыторыі Украіны не толькі ў Сярэднявеччы, аднак і ў больш познія часы, што фіксуецца па этнаграфічных дадзеных.