+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Сядзіба з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці
Галоўная Экспазіцыя Цэнтральная Беларусь Сядзіба з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці
Сядзіба з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці

На другім баку вуліцы сяла – сядзіба канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці: хата, хлявы, клець і гумно. Гэта – прыклад двухраднага пагона. Другі рад пагоннага двара ўтварае клець. Планіроўка жылля: хата-сені-варыўня.

Комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў сядзібы І.А. Беця фарміраваўся на працягу канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя і складаўся першапачаткова з хаты і хлява, якія былі пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны і пасля яе гаспадарка пашыралася. Нявесткай Ігната Беця - Ізабелай было пабудавана вялікае гумно, клець і новая хата на супрацьлеглым баку вуліцы.

У інтэр’еры хаты няма традыцыйнага “полу” для сна, замест яго – драўляныя ложкі з разнымі спінкамі. На прыкладзе дадзенага інтэр’ера адлюстраваны змены ў сялянскім побыце ў 20-30 гады ХХ стагоддзя, а таксама розніца ў афармленні жылля насельніцтва каталіцкага веравызнання ў параўнанні з праваслаўным. Экспазіцыя інтэр’ера хаты прысвечана тэме паляўніцтва, у хляве экспануецца выстава “Забродскія снасці”.

Хлеў уяўляе сабой зрубную гаспадарчую пабудову для ўтрымання свойскай жывёлы. Як і хата з в. Заброддзе, быў пабудаваны ў канцы ХІХ ст. У 60-я гады ХХ ст. быў дароблены: да яго прыбудавалі памяшканне для кур, свіней і павець. Будынак уваходзіць у склад музейнай сядзібы з в. Заброддзе, у ім экспануецца выстава “Забродскія снасці”.

Другі рад пагоннага двара ўтварае клець. Помнік народнай архітэктуры пачатку ХХ ст. Гаспадарчая пабудова для захоўвання харчовых запасаў і побытавых рэчаў. Выкарыстоўвалася і як летняе жыллё. У клеці дашчатыя засекі для зерня. Яна была пабудавана падчас Першай сусветнай вайны сынам Ігната Беця Валяр’янам і жонкай Валяр’яна Ізабелай. Падчас калектывізацыі клець і палову гумна перадалі калгасу. У 60-я гады ХХ ст. Беці выкупілі ў калгаса клець і паставілі яе насупраць хаты. Клець уваходзіць у склад музейнай сядзібы з в. Заброддзе.

Гумно – помнік народнай архітэктуры пачатку ХХ ст. Пабудавана падчас Першай сусветнай вайны сынам Ігната Беця Валяр’янам і жонкай Валяр’яна Ізабелай. Уяўляе сабой гаспадарчую пабудову для прасушкі, абмалоту снапоў і ачысткі зерня. У цэнтры гумна рабочая пляцоўка – глінабітны ток. Уздоўж сцен – застаронкі для захоўвання неабмалочаных снапоў і саломы. Гумно ўваходзіць у склад музейнай сядзібы з в. Заброддзе.