+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Выстава «Ікона звалась Свячой...»
Галоўная Выставы Выставы на тэрыторыі Выстава «Ікона звалась Свячой...»
Выстава «Ікона звалась Свячой...»

Выстава «Ікона звалась Свячой...»

Беларускі народны іканапіс і традыцыйнае ткацтва ў кантэксце абраду «Свяча»

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту разам з Веткаўскім музеям стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава запрашае наведаць выставу “Ікона звалась Свячой…”, якая будзе дзейнічаць у помніку архітэктуры “Царква з в. Барань” (экспазіцыйны сектар “Падняпроўе”).

Абрад «Свяча» з'яўляецца адным з самых адметных абрадаў у традыцыйнай культуры беларускіх вёсак Гомельшчыны. «Свячой» называюць як абрад, так і яго рытуальныя прыналежнасці. Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава займаецца шматгадовым вывучэннем гэтага абраду, і адным з вынікаў такіх даследаванняў з'яўляецца выставачны праект «Ікона звалась Свячой…». У выставачнай прасторы тэксты, запісаныя ў шматлікіх экспедыцыях па Гомельшчыне, а таксама суседняй Браншчыне, паўстаюць перад наведвальнікамі ў своеасаблівыя вобразныя, тэматычныя комплексы-інсталяцыі. На выставе можна пабачыць аўтэнтычныя і рэканструяваныя тыпы Свечаў, што існавалі і існуюць зараз на Гомельшчыне, традыцыйны народны іканапіс і ткацтва. Усё гэта аб'яднана адной тэмай — абрадам «Свяча».

На выставе прадстаўлены амаль два дзясяткі народных ікон канца XVIII — пачатку XX ст., больш чым паўсотні ручнікоў канца XIX — сярэдзіны XX ст., дванаццаць комплексаў аўтэнтычных і рэканструяваных «Свеч», а таксама экспедыцыйныя фотаздымкі абраду, сшыткі з рукапісамі псалмаў і фальклорныя тэксты, звязаныя з рытуальнымі момантамі і дзействамі.