+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Фальварка страчанага памяць: Камкі-Янаўшчына, 1911-1913
Галоўная Падзеі Фальварка страчанага памяць: Камкі-Янаўшчына, 1911-1913
Фальварка страчанага памяць: Камкі-Янаўшчына, 1911-1913
168

Запрашаем на адкрыццё выставы “Фальварка страчанага памяць: Камкі-Янаўшчына, 1911-1913”, падрыхтаванай Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту сумесна з Музеем гісторыі горада Мінска.

Выставачны праект знаёміць з унікальным фотаархівам уладальнікаў фальваркаў Камкі і Янаўшчына ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні. Фотаздымкі зроблены ў 1911-1913 гг. і адлюстроўваюць штодзённасць прадстаўнікоў мяшчанскага саслоўя Беларусі ў пач. ХХ ст. на прыкладзе асобнай сям’і. 

У аб’ектыве фатографа сядзібны дом з мезанінам, гаспадары, што бавяць вольны час на прыродзе ці за святочным сталом. Прыгожыя жанчыны ў карункавых блузах, мужчыны ў касцюмах еўрапейскага ўзору, накрухмаленых кашулях з каўнерам-стойкай – ідылічная пастараль апошніх мірных гадоў напярэдадні Вялікай вайны і рэвалюцыйных узрушэнняў.  

Фёдар Фаміч Крыцкі нарадзіўся ў в. Вішкавічы Смалянецкай воласці Лепельскага павета. У маладыя гады працаваў на бровары – уласнасці памешчыка Валадковіча – аднаго з буйнейшых землеўладальнікаў у Лепельскім павеце. У к. ХІХ ст. арэндуе фальварак Камкі, які належыў дваранам Студзінскім, а ў пач. ХХ ст. пасля артымання дазвола ад губернскага праўлення набывае яго ва ўласнасць разам з засценкам Янаўшчына.

Па матэрыялах Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта за 1905 г., ва ўласнасці мяшчаніна Крыцкага Фёдара Фаміча 136 дзесяцінаў прыдатнай зямлі, 272 дзесяціны лесу ў двух маёнтках – Камкі і Янаўшчына. Гаспадарка налічвала 20 коней, 30 кароў і валоў. Гэта адно з самых буйных зямельных уладанняў сярод мяшчанскага саслоўя Лепельскага павета, памерамі нават большае за палову дваранскіх гаспадарак. Пры маёнтку было возера Хоцькаўшчына, на беразе якога сям’я Крыцкіх любіла адпачываць, што адлюстравана на многіх фотаздымках. На іх людзі гуляюць у карты, адзначаюць дні нараджэння, музіцыруюць.

На землях фальварка працавалі сяляне суседніх вёсак Баяры, Пугачы, Камкі за магчымасць карыстацца сенажаццю, лесам. Частка фотаздымкаў прысвечана гэтым сезонным клопатам.

У Фёдара Фаміча Крыцкага было некалькі дзяцей – сыны Пётр, Люцыян і Мечыслаў, дачкі Канстанцыя, Вікторыя і Марыя. Менавіта мужу Вікторыі, Ежы Карвоўскаму, належыць аўтарства большасці фотаздымкаў у калекцыі. Ён не толькі фатаграфаваў сваіх жонку, малога сына і ўсіх членаў вялікай сям’і Крыцкіх цягам 1911-1913 гг., але і сам па-мастацку аформіў альбом, у які ўвайшлі зробленыя ім фотаздымкі.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 16 красавіка ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага па адрасе г. Мінск, Плошча Свабоды, 15.

Чытайце таксама
«Беларускія ветракі»: унікальная выстава фатаграфій і дакументаў пра беларускія млыны адкрылася ў раённым музеі
691
«Беларускія ветракі»: унікальная выстава фатаграфій і дакументаў пра беларускія млыны адкрылася ў раённым музеі

У Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі маштабна адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы...

Культурна-масавае мерапрыемства  «Кахаем па-беларуску»
2489
Культурна-масавае мерапрыемства «Кахаем па-беларуску»

09.02.2019г. запрашаем прыняць удзел у культурна-масавым мерапрыемстве «Кахаем па-беларуску» на...

3D мадэлі з калекцыі «Прадметы хатняга ўжытку з дрэва»
2287
3D мадэлі з калекцыі «Прадметы хатняга ўжытку з дрэва»

Прапаноўваем вам азнаёміцца з 3D-мадэлямі музейных прадметаў з калекцыі «Прадметы хатняга...

Вербніца
126
Вербніца

5 красавіка ў Музеі народнай архітэктуры і побыту адбылося светлае свята...