+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Вырабы з металу
Галоўная Калекцыі Вырабы з металу
Вырабы з металу

У калекцыі сабраны разнастайныя вырабы, асноўным матэрыялам для якіх паслужыў метал. Яна налічвае больш за 1800 музейных прадметаў. Сюды ўваходзяць: прылады промыслаў і рамёстваў, прадметы побыту, аснашчэнне і аздабленне будынкаў, вайсковы рыштунак, прадметы культу і інш. Найбольш даўнія прадметы адносяцца да першай паловы XVIII ст.

Калекцыя складаецца як з вырабаў ручной вытворчасці, большасць з якіх з’яўляецца вынікам працы народных майстроў-кавалёў, так і з прамысловых вырабаў. Асабліва вялікія групы ў калекцыі ўтвараюць асвятляльныя і вымяральныя прыборы і прыстасаванні, прасы, медны і латунны посуд і, канешне ж, розныя прылады працы.  Асобныя прадметы з калекцыі маюць мастацкую каштоўнасць. Вялікую цікавасць выклікаюць вырабы замежнага паходжання, якія бытавалі на тэрыторыі Беларусі.

Калекцыя “Вырабы з металу” адлюстроўвае развіццё металаапрацоўчых рамёстваў і прамысловасці, а таксама побыт беларусаў на працягу XVIII − XX стст.

 

Цукарніца

 



Цукарніца
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Цукарніца выраблена фірмай Bracia Buch у Варшаве. Фірма была заснавана каля 1865 г. нямецкімі ювелірамі Агафонам Бухам і Людвікам Маўсам. У 1872 г. кампанія атрымала права выкарыстоўваць герб Расійскай імперыі, а ў 1882 г. увайшла ў склад фірмы Norblin. Кляймо на прадмеце адносіцца да пасярэбрання метадам накладнога срэбра і датуецца 1872-1882 гг.

Прадмет бытаваў у вёсцы Струкі Докшыцкага раёна. Вядома, што ён дастаўся здатчыку ў спадчыну ад дзеда. У сям'і цукарніцу называлі “ларчык”, што кажа аб выкарыстанні яе ў якасці шкатулкі для захоўвання каштоўных дробных рэчаў, а не ў якасці прадмета сервіроўкі стала.

 

Прас “з душой”



Прас
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Прас з “душой”; Заходняя Еўропа (?); XIX ст. (?). Такія прасы награваліся з дапамогай спецыяльнага жалезнага ўкладыша (“душы”), які папярэдне накалялі на агні. У адрозненні ад духавых прасаў яны не забруджвалі бялізну вуглём. Прадмет бытаваў у в. Ідолта Міёрскага раёна.

 

Гіра гандлёвая



Гіра гандлёвая
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Васьмігранныя гіры выкарыстоўвалі ў Расійскай імперыі напрацягу XVIII ст., пакуль загадам Паўла I ад 1797 г. для гандлю не была ўведзена новая шарападобная форма гір. Васьмігранныя гіры, аднак, працягвалі вырабляць да другой паловы XIX ст.

Прадмет быў знойдзены падчас камандзіроўкі па Паазер’і супрацоўнікамі музея у вёсцы Газберг Ушацкага раёна ў 2017 г. Гірай былі падпёртыя дзверы хаты. Гаспадыня хаты паведаміла, што яе бабуля і яна сама выкарыстоўвалі гіру ў якасці прэсу для квашання капусты. У наш час нехта пафарбаваў гіру “для прыгажосці”.

 

Нецілатніца



Нецілатніца
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Нецілатніца — конаўка з дзвюма ручкамі для рытуальнага абмывання рук (нецілат ядаім), якое здзяйсняецца згодна яўрэйскай традыцыі зранку адразу пасля прабуджэння, перад ужываннем хлеба і ў некаторых іншых выпадках. Выраблена з медзі. Згодна ўліковым дакументам бытавала ў в. Боханы Хоцімскага раёна і належала мясцоваму фельчару, якому яна дасталася ў спадчыну ад бацькі. Фельчар пры неабходнасці паіў з яе хворых людзей.

 

Трыножнік



Трыножнік
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Трыножнік — жалезная падстаўка пад посуд  для гатавання ежы на адкрытым агні. Быў распаўсюджаны ў сялянскім побыце беларусаў. Кавальскі выраб 1920-1930-ых гг. Бытаваў у в. Таболічы Шчучынскага раёна.

 

Конаўка да флягі ("trinkbecher") з самаробнай устаўкай

Конаўка да флягі створана ў 1939 г. у Германіі на заводзе Metallwerke Neheim Saar. З’яўлялася часткай вайсковага рыштунку салдат Вермахта. Устаўка зроблена з дзвюх абрэзаных частак конавак да флягі.

Прадмет належаў Салавейчыку Яўсею Маісеевічу, трапіў да яго як нямецкі трафей у Берліне ў маі 1945 г.

Яўсей Маісеевіч Салавейчык ваяваў у 18-ай Красназнаменнай ордэна Кутузава II ступені аўтамабільнай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Падчас вызвалення Мінска даведаўся, што яго маці і сястра загінулі ў мінскім гета. На вайне Яўсей Маісеевіч пазнаёміўся і сябраваў з вядомымі паэтамі: Яўгенам Далматоўскім і Канстанцінам Сіманавым. Дайшоў да Берліна, дзе ў першыя дні мая 1945 г. ля рэйхстагу ён у адзін з апошніх разоў бачыўся з Канстанцінам Сіманавым.