Вяночны двор з в.Будзічы Докшыцкага раёна ўяўляе сабой традыцыйны прыклад замкнёнай забудовы з выразна вызначанай тэрыторыяй чыстага і гаспадарчага двара. Чысты двор фарміруюць пабудовы жылога звяна (хата-хата-сені-варыўня) і размешчаныя насупраць дзве клеці, паветка і пабудова для наёмнага работніка. З боку вуліцы і прыгумення двор замыкаюць вароты з веснічкай. На чыстым двары – калодзеж-“журавель”. Гаспадарчы двор або “дзяннік” (для дзённага выгану жывёлы) размешчаны паміж клецямі і гаспадарчымі пабудовамі: стайняй, кароўнікам, хлявамі для свіней і авечак. Па тарцах “дзяннік” замыкаецца бярвенчатымі перагародкамі-замётамі.