+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Кузня з вёскі Клочкава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці
Галоўная Экспазіцыя Цэнтральная Беларусь Кузня з вёскі Клочкава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці
Кузня з вёскі Клочкава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці

Невялікі помнік пад дашчатай страхой у канцы сяла, на пэўнай адлегласці ад сядзіб – гэта кузня з вёскі Клочкава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Пабудавана ў 1919 годзе Вялем Уладзімірам Антонавічам.

Унутранае абсталяванне кузні: злева размешчаны мех, па цэнтры – горан, справа – пляцоўка для захоўвання драўніннага вугля. Перад горанам стаіць дубовая калода з кавадлам. Для гартавання вырабаў выкарыстоўваюцца ночвы. Справа каля вакенца размешчаны слясарны варштат, на якім ляжаць інструменты і кавальскія вырабы. Побач з варштатам пастаўлена калода з вінтавымі абцугамі. Злева ад дзвярэй на сцяну прымацаваны свідравальны станок.

Уладзімір Вяль нарадзіўся ў сям'і, дзе было шасцёра дзяцей. Зямлі на ўсіх не хапала, і бацька вырашыў навучаць сваіх малодшых сыноў рамяству. З 14 год Уладзімір Вяль вучыўся кавальству ў Смаргоні. У 1919 годзе на сямейнай радзе было вырашана пабудаваць сваю кузню. Яе паставілі каля дарогі на ўскрайку вёскі на спецыяльна выкупленым невялікім зямельным участку. Абсталяванне і інструменты набылі ў знаёмага каваля, мех і горн Уладзімір Вяль зрабіў сам. Каваль працаваў на заказ, абслугоўваў вырабамі сваю і суседнія вёскі.