Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту працягвае традыцыі нашых продкаў і запрашае ўсіх 28 сакавіка 2010 года а 13 гадзіне апынуцца ў атмасферы свята беларускага народнага календара - “Вербніца”.
Вербніца, або Вербная нядзеля, - рухомае свята беларускана народнага календара, адзначаецца за тыдзень да Вялікадня. Па праваслаўным календары гэта вялікае двунадзесятае свята – Уваход Гасподні ў Іерусалім. У аснове яго ляжыць евангельскае паданне аб сустрычы жыхарамі Іерусаліма Іісуса Хрыста, які прыйшоў у горад і прыняў пакуты і смерць на крыжы. Пад час сустрэчы яны кідалі Хрысту галінкі фінікавай пальмы (ваіі).
Для славян сімвалам свята стала вярба, таму што яна перш за ўсіх сваім росквітам стварае святочную атмасферу. Да маладой вярбы ставіліся як да карыснага і свяшчэннага дрэва: яе галінкі неслі ў храм, каб асвяціць, затым прыносілі дадому і выконвалі з імі шэраг рытуальных дзеянняў, сімвалізуючых зараджэнне новага жыццёвага цыкла, здароўя і ураджаю. Як вынік, яна садзейнічала хуткаму росту, урадлівасці, добраму здароўю.
Асноўнай абрадавай падзеяй гэтага святочнага дня стала наведванне царквы з мэтай асвяціць галінкі вярбы. Гэты звычай вядомы са старажытных часоў у многіх народаў свету. Галінкі вярбы рыхтавалі загаддзя і прыносілі да хаты, звязвалі ў пучкі па тры ці пяць і ўпрыгожвалі кветачкамі з каляровай паперы або спецыяльна нарыхтаванымі і засушанымі з лета, а таксама рознакаляровымі стужкамі. У гэты святочны дзень забаранялася працаваць. Нашы продкі верылі, што асвячоная вярба дапамагала перасцерагчы хатнюю жывёлу ад ведзьмаў. У сувязі з гэтым гаспадар абыходзіў з галінкай вярбы ўсе пабудовы, дзе стаяла розная жыўнасць, і тройчы злёгку сцябаў кожную жывёлінку, а затым утыкаў асвячоныя галінкі вярбы ў шчыліну сцяны. Таксама гаспадар ішоў у сад і тройчы сцябаў там кожнае пладаноснае дрэва. Цудадзейную сілу вярбы даволі часта скарыстоўвалі як ахоўны ці лячэбны сродак.
У праграме свята будзе майстар-клас па ўпрыгожванню галінак вярбы, святочная служба і асвячэнне верб святаром.
Толькі 28 сакавіка 2010 года а 13 гадзіне ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту вы маеце магчымасць апынуцца ў атмасферу беларускай Вербнай нядзелі.


